КАДА́СТР РАДО́ВІШЧАЎ І ПРАЯЎЛЕ́ННЯЎ КАРЫ́СНЫХ ВЫ́КАПНЯЎ,
сістэматызаваны збор звестак пра радовішчы і праяўленні карысных выкапняў. Перыядычна папаўняецца і абнаўляецца. Змяшчае звесткі пра радовішчы, колькасць і якасць карысных выкапняў і іх кампанентаў, характарыстыку іх генезісу і геал. будовы, горна-тэхн., гідрагеал. і інш. ўмовы распрацоўкі радовішчаў і іх геал.-эканам. ацэнкі. Выкарыстоўваецца пры планаванні работ па геал. вывучэнні нетраў і размяшчэнні прадпрыемстваў па здабычы карысных выкапняў, рацыянальным, комплексным выкарыстанні мінер. сыравіны, рашэнні пытанняў аховы нетраў і інш. На Беларусі сістэматызацыя звестак пра радовішчы і праяўленні карысных выкапняў вядзецца з 1936. Кадастр вядзе Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя; галаўная арг-цыя — вытв. аб’яднанне па геолагаразведачных работах «Белгеалогія».
т. 7, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)